:

Двухбаковыя адносіны Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай усталяваны 20 студзеня 1992 года. Падчас дзяржаўнага візіту ў Кітай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі ў верасні 2016 года Кіраўнікі Беларусі і Кітая падпісалі Сумесную дэкларацыю Рэспублікі Беларусь і КНР аб усталяванні найвышэйшага ў гісторыі ўзроўню адносін: давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Падчас візіту Кіраўнік дзяржавы таксама ўзнагародзіў Старшыню КНР Сі Цзіньпіна ордэнам «За ўмацаванне міру і дружбы» за вялікі асабісты ўклад у развіццё гандлёва-эканамічных, навукова-тэхнічных, гуманітарных сувязей паміж Беларуссю і Кітаем, выключныя заслугі ва ўмацаванні дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі. Старшыня КНР стаў першым, хто ўдастоены гэтай узнагароды.

Развіццё адносін з Кітаем – стратэгічны напрамак знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь.

Паміж бакамі створаны механізмы рэгулярных абменаў візітамі на вышэйшым і высокім узроўнях, вядзецца актыўны міжпарламенцкі дыялог, ажыццяўляецца супрацоўніцтва па лініі Міжнародны аддзел ЦК КПК – Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, функцыянуе Беларуска-Кітайскі міжурадавы камітэт па супрацоўніцтву, дынамічна развіваюцца міжведамасныя і міжрэгіянальныя беларуска-кітайскія кантакты. Краіны паспяхова супрацоўнічаюць у міжнародных арганізацыях, аказваючы ўзаемную падтрымку па прынцыповых пытаннях.

Арганізацыя на рэгулярнай аснове ўзаемных візітаў і сустрэч на вышэйшым і высокім узроўні з'яўляецца асновай забеспячэння стратэгічнага дыялогу.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка 12 разоў наносіў візіты ў Кітай: у 1995, 1997, 2001, 2005, 2008, 2010, 2013, 2015, 2016, 2017, 2018 і 2019 гадах. У Беларусь ажыццявілі візіты Старшыні КНР Цзян Цзэмінь (2001 год), Сі Цзіньпін (2015 год), прэм'еры Дзярсавета КНР Лі Пэн (1995 год) і Вэнь Цзябао (2007 год), старшыні Пастаяннага камітэта Ўсекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Лі Пэн (2000 год), У Банго (2011 год) і Чжан Дэцзян (2017 год), намеснікі Старшыні КНР Ху Цзіньтао (2000 год), Сі Цзіньпін (2010 год), Ван Цішань (2018 год).

Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь М.В. Мясніковіч здзейсніў візіт у КНР у 2014 годзе. З Прэм'ерам Дзяржсавета КНР Лі Кэцянам двойчы сустракаўся Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь А.В. Кабякоў у рамках удзелу ў паседжанні кіраўнікоў урадаў фармату «17+1» у Рызе (2016 год) і савета кіраўнікоў урадаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Сочы (2017 год). Прэм'ер-міністр С.М. Румас сустракаўся з Лі Кэцянам на палях СКУ ШАС у Душанбэ (2018 год).

Дынамічнае развіццё беларуска-кітайскіх палітычных і гандлёва-эканамічных сувязяў абумоўлена ў першую чаргу агульнасцю прынцыпаў унутранай і знешняй палітыкі, супадзеннем поглядаў на важнейшыя праблемы сусветнага парадку дня. Са жніўня 2015 года рэалізуецца Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №5 «Аб развіцці двухбаковых адносін Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай», якая вызначыла прыярытэтнасць развіцця ўсебаковага стратэгічнага партнёрства з Кітаем. У верасні 2016 года ўступіў у сілу Дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве, падпісаны ў мае 2015 года падчас дзяржаўнага візіту ў Беларусь Старшыні КНР Сі Цзіньпіна.

Адным з важных напрамкаў далейшага ўмацавання двухбаковага палітычнага стратэгічнага супрацоўніцтва з'яўляецца ператварэнне Рэспублікі Беларусь у вядучага рэгіянальнага ўдзельніка ініцыятывы «Пояс і Шлях» уздоўж кантынентальнага моста паміж Еўропай і Азіяй. У мае 2017 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка прыняў удзел у Першым міжнародным форуме «Адзін пояс, адзін шлях» у Пекіне. У красавіку 2019 года Кіраўнік дзяржавы здзейсніў візіт у Кітай, у рамках якога прыняў удзел у Другім Форуме міжнароднага супрацоўніцтва «Пояс і Шлях».

У якасці механізма прасоўвання двухбаковых адносін выступае Беларуска-Кітайскі міжурадавы камітэт па супрацоўніцтву, створаны ў 2014 годзе. Паседжанні Камітэта праводзяцца па чарзе раз на два гады. На рэгулярнай аснове сустракаюцца яго сустаршыні. Чарговае паседжанне Міжурадкамітэта адбылося ў лістападзе 2018 года ў Кітаі пад сустаршынствам Члена Палітбюро ЦК КПК, Члена Сакратарыята ЦК КПК, Сакратара Палітыка-юрыдычнай камісіі ЦК КПК Го Шэнкуня і намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Снапкова М.Г.

Інтэнсіўна і плённа развіваюцца міжпарламенцкія кантакты, у тым ліку ў рамках Міжпарламенцкага Саюза. У Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь і Ўсекітайскім сходзе народных прадстаўнікоў дзейнічаюць рабочыя групы па міжпарламенцкаму супрацоўніцтву. Кіраўніком рабочай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтву з Парламентам Кітая з'яўляецца намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснікам – член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. З кітайскага боку старшынёй групы ў УСНП 13-га склікання з'яўляецца кіраўнік Камісіі па замежных справах Чжан Есуй, адным з яго намеснікаў з'яўляецца спадарыня Фэ Ін – папярэдні кіраўнік Камісіі.

Актыўна развіваецца супрацоўніцтва ў сферы бяспекі, ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. У 2017-2019 гадах ажыццяўляўся абмен дэлегацыямі і ўзаемадзеянне ў сферы змагання з міжнароднай злачыннасцю, забеспячэнні правапарадку і грамадскай бяспекі, арганізацыі навучальных праграм. У ваеннай сферы праводзяцца рэгулярныя візіты, сумесныя вучэнні, беларускія і кітайскія вайскоўцы праходзяць навучанне ў вышэйшых ваенных навучальных установах Рэспублікі Беларусь і КНР. Падраздзяленні Народна-вызваленчай арміі Кітая штогод 3 ліпеня прымаюць удзел у парадзе ў Мінску з нагоды Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Наладжана эфектыўнае ўзаемадзеянне і абмен вопытам паміж Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Цэнтральным камітэтам КПК. Сталі рэгулярнымі візіты ў КНР Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у Беларусь – візіты Міжнароднага аддзела ЦК КПК і іншых органаў партыйнага кіраўніцтва.

Устойлівае, канструктыўнае і дынамічнае супрацоўніцтва дзвюх краін ужыццяўляецца ў рамках ААН. Бакі ўзаемна аказваюць цвёрдую падтрымку ў Савеце па правах чалавека, накіраваную на садзейнічанне дыялогу і пераадоленню рознагалоссяў, каб пазбегнуць палітызацыі і падвойных стандартаў па пытаннях правоў чалавека. Беларусь і Кітай актыўна ўзаемадзейнічаюць у рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і Нарады па ўзаемадзеянню і мерам даверу ў Азіі. У якасці назіральніка Беларусь запрашаецца на саміты фармату «17+1» (краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы і Кітай).

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці